Новости

21 июня 2010 г.
А вы ведаеце, што агульнага ў кандытарскага вырабу і старадаўняга беларускага мястэчка? А калі зрабіць удакладненне: што агульнага ў цукеркі і Івянца? Ужо здагадаліся? Так! Менавіта ў мястэчку Івянец прайшоў першы ў Беларусі "Цукеркавы фэст"! Амаль кожнаму з нас цяжка ўявіць сваё жыццё без цукеркі. Яна можа быць шакаладная, памадная, карамельная, арэхавая, малочная, нарэшце, суфле... Кожны выбірае сваю. Але вы ведаеце, што тэрмін "цукерка" прыйшоў да нас адносна нядаўна — толькі у XVІ стагоддзі яго вызначылі французскія аптэкары, называўшы так зацукраную садавіну, якая выкарыстоўвалася ў лекавых мэтах. Страшна падумаць, што было б, калі б французы да гэтага не дадумаліся. Хаця пакінем французаў, каб не яны, цукерка абавязкова з'явілася б у Івянцы! ...Мясцовыя жыхары асабліва не спяшаліся на пачатак мерапрыемства. Жыццёвая праўда "ўсё роўна ў час не пачнецца" наклала свой адбітак, здаецца, на ўсе культурныя мерапрыемствы краіны. Безумоўна, у час і не пачалося. Аднак далей, з кожнай хвілінай касцюмаванага шэсця ад мясцовай плошчы Свабоды да асноўнай пляцоўкі свята, народ усё падыходзіў і падыходзіў. Разам з сярэднявечнымі рыцарамі, русалкамі, кабылкай з возам натоўп весела пад музыку рухаў да тутэйшага "Панскага дому" — былога княжацкага маёнтка, ад якога цяпер засталіся толькі руіны. — Сёння мы пачынаем новую традыцыю, і, мне здаецца, яна добра прыжывецца ў нашым старадаўнім мястэчку, дзе шмат майстроў, шмат добрых людзей, якія ўмеюць захоўваць гісторыю. Ударым нашым фэстам па наступствах сусветнага фінансавага крызісу! — аптымістычна распачаў фестываль першы намеснік генеральнага дырэктара, старшыня назіральнага савету СП "Івкон" ААТ — кампаніі, якая ўсё арганізавала, — Алег ГЛУСКІН. — Тры месяцы таму ў нашай кампаніі з'явілася знакамітая паэтка і этнограф Антаніна Хатэнка. Яна выказала гэтую ідэю. Гэта настолькі спадабалася, што амаль уся фабрыка "загарэлася" фэстам. Падтрымалі нас і ў івянецкай мэрыі. Тры месяцы падрыхтоўкі праляцелі як адзін дзень. Фэст не носіць камерцыйнага характару, у ім не ставіцца ніякіх рэкламных задач. Нават звесткі пра мерапрыемства не распаўсюджваліся далей Івянца, але ўсе роўна шмат хто даведаўся і прыехаў. Галоўная задача фэста — адпачынак для людзей, радасныя эмоцыі. Арганізатары з упэўненасцю адзначылі, што сёлетні "Цукеркавы фэст" стане пачаткам добрай традыцыі, калі на слаўнай івянецкай зямлі будуць збірацца прыхільнікі "салодкага" чыну жыцця. Пасля такога цяжка паверыць, што па статыстыцы ўзровень спажывання кандытарскіх прадуктаў у Беларусі ў два разы меншы за сусветную норму. Не паспявалі госці свята паспытаць адну "салодкую радасць", як хлопчыкі і дзяўчынкі ў прыгожых беларускіх народных строях падносілі чарговую порцыю калорый. Сярэднявечныя танцы пад старадаўнія музычныя інструменты — лепш дыеты не знайсці. Уся праграма была звязана з сярэднявечнымі беларускімі традыцыямі. Бавілі гледачоў не толькі танцы. У выкананні тэатральных артыстаў можна было пабачыць, як і адкуль узнік Івянец, як тут праводзіўся абрад заручын шмат год таму, якое слова з'яўляецца чароўным і адначасова салодкім і шмат-шмат іншага. Моцная палова спрабавала свае сілы ў двубоі з сапраўдным рыцарам ды ў рассячэнні цукеркі сякерай. Не абышлося і без першага ўладальніка Івянца — Вялікага князя Вітаўта. Пункт праграмы, у якім пра яго расказвалася, называўся катэгарычна і беспаваротна: "Перамога Вітаўта". Добры настрой і весялосць стваралі фолк-музыкі. Дуда, скрыпка — традыцыйныя беларускія інструменты, якія спрадвеку суправаджалі ўсе мясцовыя святы, — гучалі над Івянцом роднай, знаёмай і блізкай мелодыяй. Сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам "Звязды" падзяліўся ўдзельнік фэсту, вядомы ў краіне бард і дудар Зміцер СІДАРОВІЧ: — Тут адбываецца вельмі класная рэч. Наогул, гэта тое, чаго ў краіне вельмі не хапае. Зараз існуе засілле тэлевізара, а тут жывая, нязмушаная атмасфера, ёсць магчымасць выступіць не толькі поп-зоркам, але і фолк-музыкам. Доўгі час савецкага афіцыёзу людзі былі падзеленыя на тых, хто на сцэне, і тых, хто ў глядацкай зале. Мы парушылі гэтыя правілы: у нас музыкі сярод людзей, а людзі сярод музыкаў. Існуе стэрэатып, што фальклорная музыка для бабулек. Не! Фолк заўсёды быў блізкі да моладзі! Хацелася таксама б запрасіць усіх, хто цікавіцца фолкам, кожны чацвер, пачынаючы з верасня, у парк Горкага а сёмай гадзіне вечара на фальклорныя вечарыны з песнямі і танцамі. Не сапсаваў настрой прысутным і невялічкі дождж, які праляцеў хвілін за 20, знёсшы з сабою толькі некалькі шарыкаў. Як зазначыла мясцовая жыхарка Галіна САБАЛЕЎСКАЯ, "прыемна, што гэтым днём гучаць менавіта нашы беларускія старадаўнія песні, і дождж нікому не перашкодзіў, у людзей добры настрой і радасць у вачах". Сваімі назіраннямі падзяліўся і студэнт Арцём БУРДУКОЎ: — Спадабалася, што менавіта прыватнае прадпрыемства зладзіла такі фэст. З недахопаў хіба што можна адзначыць толькі тое, што вельмі доўга ўсё было. Але, магчыма, проста так здавалася з-за таго, што людзі звыкліся: ёсць нейкае свята (Дзень горада, Купалле) — трэба гуляць цэлы дзень. А сёння, я думаю, ішлі, "не ведаючы куды". Аднак, калі фэст увойдзе ў традыцыю, упэўнены, ён будзе ўспрымацца як той самы святочны дзень. Усяго некалькі гадзін на "Цукеркавым фэсце" зацвердзілі ў галаве думку, што цукеркі ўпершыню з'явіліся менавіта ў Івянцы — а дзе інакш? Кожнага, хто хоча таксама ў гэтым пераканацца, мястэчка запрашае праз год на тое ж месца! Яўген ВАРАКСА


все новости
русeng